У снежні 1990 года Савет Міністраў БССР прыняў пастанову аб стварэнні ў Мінску Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі. Тэатр-творчая лабараторыя пачаў сваю дзейнасць у 1991 годзе пад дахам…
У снежні 1990 года Савет Міністраў БССР прыняў пастанову аб стварэнні ў Мінску Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі. Тэатр-творчая лабараторыя пачаў сваю дзейнасць у 1991 годзе пад дахам Тэатра імя Я.Купалы і ставіў сваёй мэтай аказанне практычнай дапамогі беларускім драматургам-пачаткоўцам у спасціжэнні законаў сцэны. Першым яго кіраўніком стаў заслужаны дзеяч мастацтваў, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Валерый Мазынскі.
У 2000 годзе РТБД узначаліў заслужаны дзеяч мастацтваў РБ Валерый Анісенка. У перыяд яго кіраўніцтва ў тэатры распачаўся новы этап дзейнасці, які можна ахарактарызаваць імкненнем да творчага пошуку ў рэчышчы псіхалагічнага тэатра.
У складзе тэатра з сакавіка 2007 года працуе Цэнтр беларускай драматургіі, які арганізуе стажыроўкі, майстар-класы, семінары, цыклы іншых мерапрыемстваў, накіраваных на аказанне практычнай і метадычнай дапамогі пачынаючым творцам. Цэнтр з’яўляецца адной з эксперыментальных творчых сцэнічных пляцовак, дзе свой патэнцыял можа рэалізаваць малады драматург ці рэжысёр.
У 2010 годзе за высокія дасягенні ў галіне тэатральнага мастацтва і значны ўклад у развіццё нацыянальнай культуры РТБД прысвоена званне «Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь».
З 2012 года дырэктарам тэатра становіцца заслужаны артыст РБ Ігар Сігоў, а мастацкім кіраўніком – заслужаны дзеяч мастацтваў РБ, лаўрэат Нацыянальнай тэатральнай прэміі РБ Аляксандр Гарцуеў. Яго пастаноўкі «Тры Жызэлі», «Раскіданае гняздо» і інш. – значныя тэатральныя падзеі краіны.
Новы этап у жыцці калектыву пачаўся з прызначэннем у маі 2014 года дырэктарам РТБД Уладзіміра Карачэўскага. Захоўваючы традыцыі, тэатр шукае новыя мастацкія шляхі і формы актыўнага ўзаемадзеяння з гледачамі. За апошнія гады тэатр пашырыў свой рэпертуар пастаноўкамі новых твораў беларускіх драматургаў і першым сярод рэпертуарных тэатраў звярнуўся да дакументальнага тэатра (спектакль «Мабыць?» А. Марчанкі, Д. Багаслаўскага і трупы тэатра).
За гады дзейнасці РТБД атрымаў каля 50-ці розных узнагарод на тэатральных фестывалях.