Фото - постер к выставке Фотавыстаўка “Чырванаборскі край” на AFISHA.me

Фотавыстаўка “Чырванаборскі край”

Данное событие уже завершено.

О событии

31 студзеня а 17-й гадзіне ў галерэі “Панарама” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі (22-гі паверх) адбудзецца адкрыццё фотавыстаўкі “Чырванаборскі край”.
Выстаўка – вынік работы Чырванаборскай школы фатаграфіі ў турыстычным комплексе “Чырвоны Бор” з 21 па 30 жніўня 2022 года. У экспазіцыі прадстаўлены здымкі вядомых беларускіх фатографаў – аўтара ідэі фотаэкспедыцыі і куратара праекта – Сяргея Плыткевіча, педагогаў Валерыя Вядрэнкі, Ірэны Гудзіеўскай, Віктара Малышчыца, Сяргея Мілюхіна і Наталлі Лакотка, студэнтаў-пераможцаў Рэспубліканскага фотаконкурсу “Маладзёжны погляд” Ганны Беражковай, Івана Веразуба, Ганны Дамінікі Грыб, Марыі Зіганоравай, Міхаіла Лук’янчыка, Валерыі Пратасевіч.
У экспазіцыі – прыродныя ландшафты, лясныя экасістэмы, рэдкія расліны і жывёлы, занесеныя ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. Фатаграфіі кранаюць чароўнымі відамі ледавіковых азёр, рэк і ручаёў, балот, пагоркаў, лясоў і чорнаальшанікаў, адчуваннем вольнай прасторы і захапляльнай натуральнасці Чырванаборскага краю. Зорнае неба і возера Ізубрыца, туман над возерам Белае, рака Свольна здзіўляюць веліччу з вышыні птушынага палёту. Заварожваюць партрэты зубраў, зязюлі, зімародка, даўгахвостай кугакаўкі, дынамічныя і характарныя фота ласей, аленей, ланей і іншых жыхароў пушчы.
Выстаўка пазнаёміць гледачоў не толькі з буйнейшым у Беларусі Рэспубліканскім ландшафтным заказнікам “Чырвоны Бор”, але і з архітэктурнай спадчынай, якая захавалася на поўначы Верхнедзвінскага раёна. Здымкі Успенскай царквы ў вёсцы Сар’я, руіны палаца Гільзенаў і Шадурскіх у Асвеі, рэшткі званіцы царквы Еўфрасінні Полацкай у Росіцы не пакінуць гледачоў абыякавымі.
Фотаработы прадстаўлены ўвазе гледачоў упершыню.

На адкрыццё ўваход вольны, у астатні час уваход складае кошт наведвання агляднай пляцоўкі.
Выстаўка будзе працаваць да 9 красавіка.
Дата заканчэння працы экспазіцыі можа быць зменена.
Тэл. для даведак (8017) 368 37 37, для СМІ: (8017) 293 28 81
E-mail: pr@nlb.by
 

Поделитесь событием

Если вы заметили ошибку в тексте новости, пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter

Комментарии