Творчая сустрэча з легендай Купалаўскага тэатра, народнай артысткай Беларусі Марыяй Георгіеўнай Захарэвіч адбудзецца ў рамках цыклу “Музычныя вечары ў Купалаўскім”. Вечар аб’яднае літаратуру і інструментальную музыку, а прысвечаны будзе 75-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.
Камінная зала тэатра запрашае згадаць творы Міколы Сурначова, Аркадзя Куляшова, Анатоля Вярцінскага, Рыгора Барадуліна і Васіля Быкава. У чулым выкананні Марыі Захарэвіч іх словы прагучаць рэквіемам па загінулых і светла-тужлівым успамінам аб вясновых днях Перамогі. Тых часах, калі зліліся разам гора стратаў і надзея на новае жыццё.
За музычнае суправаджэнне вечара адказвае таленавітая скрыпачка, лаўрэатка шматлікіх міжнародных конкурсаў Юлія Лебядзенка. У яе выкананні прагучаць:
Жуль Маснэ “Роздум” (опера “Таіс”)
Яўген Глебаў “Адажыа з балета “Маленькі прынц”
Астар П'яцола “Лібертанга”
Астар П'яцола “Rio-Sena”
Джон Уільямс “Спіс Шындлера”
Ігар Лучанок “Майскі вальс”
Гэты музычны вечар у Каміннай зале стане далікатным і поўным роздуму прывітаннем вясны.