Чароўная гісторыя на дзве дзеі 0+
Ханс Крысціян Андэрсен
П’еса Юрыя Шчуцкага паводле аднайменнай казкі
Мастак-пастаноўшчык: Ларыса Рулёва
Кампазітар: Рыгор Уласюк
Харэограф: Яфім Фадзееў
Вершы: Янкі Лайкова
Пераклад: Жана Лашкевіч
Шаноўныя дзеці!
Вы ўжо ведаеце столькі казак і чароўных гісторый, што вас і не здзівіш. Але ў тэатры іх не толькі расказваюць. Іх паказваюць, таму кожная знаёмая казка выглядае крыху незнаёмай. Усё залежыць ад Чараўніцы, якая ўзялася за справу. Наша тэатральная Чараўніца – добрая і спагадлівая, але патрабавальная і строгая. Вы гэта адразу заўважыце. Пра Дзюймовачку яна пачула ад сваёй бабулі, а тая ведала самога Ханса Крысціяна Андэрсена, казачніка, з якім размаўлялі расліны, жывёлы і птушкі. Аднойчы казачнік гасцяваў у доме, дзе пад страхой гнездзілася Ластаўка і ціліўкала птушанятам пра асабістае знаёмства з Дзюймовачкай. Казачнік распытаў птушку, пераказаў расповед знаёмым дзецям, а потым яшчэ і запісаў, каб такая файная гісторыя не забылася.
Шаноўныя дарослыя!
Ханс Крысціян Андэрсен захапляўся тэатрам з малых гадоў. Скрыню з лялькамі-марыянеткамі яму змайстраваў бацька, а Ханс Крысціян шыў лялькам сукні і пісаў для іх п’есы. У 14 гадоў ён выправіўся ў Капенгаген “каб зрабіцца знакамітым”, і пачаў менавіта з тэатра – навучаўся вакалу і ў дробных ролях выходзіў на сцэну спяваць і дэкламаваць, а потым – таньчыць. “Троль – спадар Андэрсен”, – было пазначана ў афішы да аднаго з балетаў…
Тэатр і людзі тэатра адыгралі свае адметныя ролі ў тым, што пісьменнік і драматург Андэрсен ператварыўся ў выбітнага казачніка, які не адзін раз паўтарыў сваім сучаснікам: “Я буду слугаваць мастацтву, толькі для гэтага я і жыву". Таму і не дзіўна, што тэатр і людзі тэатра захоплены ягонымі казкамі: “Снежнай каралевай”, “Брыдкім качанём”, “Крэсівам”, “Алавяным жаўнерчыкам”, “Пастушкай і камінарам”, “Русалачкай”… І, вядома, “Дзюймовачкай”. Гісторыяй пра матчыну любоў, якая вядзе па жыцці, бароніць і ратуе дзіця; гісторыяй пра дабрыню, якая спакваля, але моцна авалодвае сэрцамі.
“Дзюймовачка” зазнала шмат пастановак у тэатрах лялечных і драматычных, а таксама пераказаў у мультыплікацыі і анімэ. Адны пераказы блізкія да Ханса Крысціяна Андэрсена, у іншых цяжка пазнаць першакрыніцу – казку, вядомую з маленства ці не кожнаму еўрапейцу. “Дзюймовачка” абуджае і жывіць фантазію таго, хто намагаецца яе ўвасобіць для іншых, бо спалучае чароўнае і рэальнае, цудоўнае і шараговае, – дарэчы, як і ўсё тое, пра што пісаў Андэрсен.
Если вы заметили ошибку в тексте новости, пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter