Фото - постер к спектаклю Дом на мяжы на AFISHA.me

Дом на мяжы

Данное событие уже завершено.

О событии

Пастаноўку ажыццяўляе мастацкі кіраўнік тэатра Міхась Краснабаеў. Ён жа аўтар музычнага афармлення. Мастак-пастаноўшчык Святлана Макаранка. Пластыка і харэаграфія Дзіяны Юрчанка. Відэарад Алега Чарняка.

Спектакль «Дом на мяжы» па жанру трагікамедыя і складаецца з дзвюх аднаактовых п’ес – «Караль» і «Дом на мяжы».

«Караль»

«Караль» – п’еса пра тое, як інтэлігентны чалавек, Акуліст; мяняецца пад напорам сляпой, невуцкай сілы. Падслепаваты Дзядуля павінен забіць нейкага Караля, якога ніхто не бачыў. Яго пошукамі кіруе Унук, своеасаблівы стваральнік ідэі барацьбы з Каралем, абстрактным сімвалам іншадумства. Ратуючы жыццё, Акуліст прызнае права Дзядулі паляваць на людзей і накіроўвае ягоную сілу на іншага чалавека. Ён не толькі знаходзіць апраўданне ўласнай баязлівасці, але і сам робіцца ідэйным «каралістам».

Хто такі Караль? Чалавек іншай нацыянальнасці? Іншай рэлігіі? Іншага колеру скуры? Больш адукаваны? Ніжэй ростам? Няважна! Кожны можа стаць Каралем, калі ён хоць нечым адрозніваецца ад чалавека з зараджанай стрэльбай. Ва ўсе часы чалавечая блізарукасць ніколі не была перашкодай «палітызаванай дальназоркасці». Асабліва пры пошуку ўнутраных ворагаў.
Твор магутны, вельмі сугучны сённяшняму часу, нягледзячы на тое, што Славамір Мрожак напісаў гэту п'есу ў 1961 годзе.

«Дом на мяжы»
Пад час спакойнай вячэры ў доме звычайнай сям’і з’яўляюцца Дыпламаты з найважнейшым міжнародным даручэннем – правесці дзяржаўную мяжу. Дзе? Непасрэдна праз гэты дом, пасярод гасцёўні. Паколькі неабходнасць правядзення мяжы не можа быць аспрэчаная, то з маўклівай згоды сям’і чыноўнікі прымаюцца за справу. І з гэтага дня жыццё пераўтвараецца ў хаос: пасярод дома з’яўляецца шлагбаум, усталёўваецца прапускны і візавы рэжым, паўсюль вытыркаюцца ці мытнікі, ці кантрабандысты... Сям’я нібыта становіцца непасрэдным ўдзельнікам стварэння гісторыі. Узнікае толькі адно пытанне: як жыць у абсурднай сітуацыі, калі ты не з’яўляешся гаспадаром свайго дома?!

Вось што піша ў сваім блогу Вячаслаў Ракіцкі, тэатразнаўца, перакладчык Мрожака на беларускую мову:
«Наш час, наша геапалітычная прастора кліча Мрожака зноў. Апошнія падзеі пацвярджаюць, што пакуль будуць існаваць імперыі, пакуль свет дзеліцца на моцных і слабейшых, пакуль моцныя будуць беспакарана вырабляць са слабейшымі ўсё, што захочуць, тэатр абсурду, і п’есы найбліжэйшага нам яго прадстаўніка, на жаль, рана, вельмі яшчэ рана хаваць».

Славамір Мрожак (1930–2013), выдатны польскі пісьменнік, драматург, сатырык, мастак, адзін з класікаў «тэатра парадоксу». Яго ставяць у адзін шэраг з такімі сусветна вядомымі еўрапейскімі аўтарамі, як Эжэн Іянэска, Сэмюэль Бэкет, Фернанда Арабаль, Гаральд Пінтэр.

Славамір Мрожак дэбютаваў у якасці карыкатурыста ў 1950 годзе, а ў 1953-м апублікаваў серыю малюнкаў. У той жа час выйшаў першы зборнік апавяданняў. Драматургіяй ён пачаў займацца з 1958 года (дэбютная п’еса «Паліцыя» – універсальны партрэт таталітарнай дзяржавы). Драма «Танга» у 1964 годзе прынесла сусветную слыннасць. У 1963 годзе эміграваў. Ён жыў у Францыі, ЗША, Германіі, Італіі і Мексіцы. У 1996 годзе вярнуўся ў Польшчу. У 2002 годзе перанёс інсульт, які прывёў да страты гаворкі. З дапамогай тэрапіі, якая працягвалася каля трох гадоў, вярнуў сабе здольнасць пісаць і гаварыць. У 2008 годзе з'ехаў з Польшчы ў Францыю. У 2013 годзе памёр у Ніцы.

«Мрожак наблізіў камуністычны тэатр да сусветных стандартаў, гэта быў сапраўдны прарыў, – пісаў Вячаслаў Ракіцкі. – Галоўнай тэмай у яго творчасці было ўварванне ўлады ў асабістую прастору чалавека. У камуністычным тэатры, вядома, такая тэма не закраналася».

Коласаўскі тэатр звяртаўся да творчасці Славаміра Мрожака двойчы. У 1989 годзе была ажыццёўлена пастаноўка п’есы «Танга» (рэжысёр К.Ратніцкі), у 1992-м – «Шчаслівае здарэнне» (рэжысёр Б.Эрын).
Працягласць спектакля «Дом на мяжы» – 2 гадзіны з антрактам.

У спектаклі занятыя: Генадзь Гайдук (Дзядуля, Цесць), Герман Дымарэцкі (Унук, Капітан сапёраў), Арцём Блахін (Акуліст, Кантрабандыст), Яўген Бераснеў (Я), Юлія Крашэўская (Жонка), Паліна Крашэўская і Алёна Чыстабаева (Дочкі), заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Таццяна Ліхачова (Цешча), Георгій Лойка (Першы дыпламат), Арцём Герак (Другі дыпламат), Цімур Жусупаў (Трэці дыпламат), Дзмітрый Каваленка (Чацвёрты дыпламат), Юрась Цвірка (Першы мытнік), Пятро Ламан (Другі мытнік), Уладзіслаў Жураўлёў (Стражнік). 

Поделитесь событием

Если вы заметили ошибку в тексте новости, пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter

Комментарии