Лариса Горцева

Место рождения: Беларусь


Окончила БГТХИ в 1963 г. Актриса театра и кино

Заслуженная артистка Республики Беларусь

Служит в Театре юного зрителя с 1963 г.

Участвует в спектаклях:
«Госпожа Метелица»
«Маленький лорд Фаунтлерой»
«Мещанин во дворянстве»
«Немного нежности»

Интервью с заслуженной артисткой Беларуси Ларисой ГОРЦЕВОЙ — одной с ведущих актрис ТЮЗа: 

— ЯК ВЫ трапілі ў тэатр?

—Калі я была зусім маленькая, мы з мамай ездзілі да бабулі, якая жыла на Украіне. Ужо там я пачала «выступаць» — дзесьці з пяці гадоў. Я закончыла мінскую школу № 4 імя Кірава. Гэта была вельмі прэстыжная навучальная ўстанова... Недзе з восьмага класа ўдзельнічала ў розных конкурсах выразнага чытання. А потым вырашыла скіраваць позірк у бок тэатральнага інстытута. Мама была супраць такога рашэння: маўляў, прафесія актрысы несур'ёзная. А вось тата мяне падтрымаў.

Між іншым, мама даўно пераканалася, што мая справа вельмі сур'ёзная. Яна бачыць, як я працую, і хвалюецца падчас кожнага майго выступлення. Зрэшты, я таксама. Нават пры звычайнай сустрэчы са школьнікамі не магу не хвалявацца.

— Бацькі часта паўтараюць: «Каб нечага ў жыцці дасягнуць, трэба добра ў школе вучыцца».
— Як відаць, вы былі...

— Выдатніцай! Вельмі паслухмянай, стараннай. Настаўнікі нiколі не скардзіліся. I я была такая сутулая! Тата мне гаварыў: «Вось паступіш у тэатральны інстытут — там хоць спіну табе выраўняюць».

— А якія ролі, што вы выконвалі, найбольш блізкія вашаму сэрцу, душы?

— Я нават не ведаю. У мяне былі такія розныя ролі: Баба Яга, злая царыца, Багіра, Ліса, хлопчык-негрыцянё, «гарачыя» жанчыны — цыганкі, іспанкі... А яшчэ разведчыцы, барабаншчыцы, гераіні, якія пакутавалі. Раней я шмат танцавала, спявала...
Мне падабаюцца ўсе мае ролі. Яны — нібы дзеці... Толькі вось шкада, што раней не было магчымасці запісваць спектаклі на відэакасеты. Любка Шаўцова, Маша з «Чайкі» — яны больш ніколі не вернуцца, яны забралі кавалачак майго сэрца...
У маладосці мне хацелася танцаваць, спяваць. Цяпер я адчуваю: чым больш складаная роля, тым яна цікавейшая.

— А ўсё ж чаму вы выбралі Тэатр юнага гледача?

— Тут можна іграць любыя ролі... Калі я вучылася ў інстытуце, то вельмі хацела «пакутаваць» на сцэне. Настаўнікі казалі: «Яшчэ паспееш». Гэтак і атрымалася.

— А вы адразу «ўключаецеся» ў ролю ці рыхтуецеся загадзя?

— Я не з ліку тых актрыс, якія прыбягаюць на спектакль за пяць хвілін да званка. Я рыхтуюся да ролі загадзя, заўсёды прыходжу за дзве гадзіны да пачатку — збіраюся з думкамі, накладваю грым, раблю прычоску... працую з душой...

— Вы заўсёды адчуваеце кантакт з гледачамі?

— Так. Я ўпэўнена: дзеці заўжды бачаць фальш. Некаторыя акцёры скардзяцца, што дзеці часта шумяць, дрэнна сябе паводзяць. Для гэтага ёсць прычына. Я праверыла на практыцы, ды і вопыт падказвае: калі выходзіш на сцэну не «пустым», зала адразу змаўкае.

— А цяжкія ролі — гэта якія?

— Калі ты не ведаеш, як да іх падступіцца. Спачатку ў душы — пустата, а потым яна запаўняецца, запаўняецца...
Я многа плакала на сцэне (маю на ўвазе драматычныя ролі). Не ведаю, адкуль бяруцца «прыгожыя» слёзы... Кожны раз я нанава перажываю трагедыі сваіх герояў. I заўсёды пакідаю на сцэне кавалачак сэрца, душы, нерваў. Мне падабаецца выказванне Алены Абразцовай: «Кожная роля — белая нітка. Калі яе прапускаеш праз сэрца, то выцягваеш ужо чырвоную...»

— Кажуць, творчыя людзі вельмі ранімыя. Гэта сапраўды так?

— Я згодна. Ды і жыццё складанае... Праўда, мы ўсё роўна працуем. Чаму? Дзеля «гэтага». Не ведаю, як «яго» назваць. Гэта той кантакт, які атрымліваецца з гледачамі, калі ты можаш прымусіць чалавека плакаць і смяяцца, перажываць, станавіцца лепшым. Галоўнае — зрабіць так, каб яго душа «працавала».

— А якімі колерамі вы абмалявалі б свой характар?

— Не ведаю! Я камунікабельны чалавек і вельмі хуткі. Дзе можна прайсці, я прабягу. Якія гэта фарбы? Вясёлка...

— Якія рысы характару перашкаджаюць і, наадварот, дапамагаюць вам у жыцці?

— Заўсёды перашкаджала сарамлівасць. Асабліва напачатку майго шляху. Памятаю: як рэжысёр скажа выконваць ролю, так я і раблю — дакладна. Ён просіць: «Выйдзі за рамкі, адпусці сябе!» А я не магу — «сіндром» выдатніцы! Я была занадта паслухмянай! Потым ужо вопыт... Ды і натхненне дапамагае...

— А адкуль яно прыходзіць?

— Канечне, трэба сябе настройваць. Але ж калі роля падабаецца, няма ніякіх праблем. Вось, напрыклад, галоўная роля ў п'есе Салынскага «Барабаншчыца». Заслона падымаецца, і з'яўляецца дзяўчына ў купальніку — у зале адразу чуюцца свіст, крыкі. А я думаю: «Ну, пачакайце». 3 натхненнем выконваю сваю ролю. У канцы мая гераіня гіне — і ў цішыні залы я ўлоўліваю ўсхліпы. Вось гэта дорага каштуе!...

— Надыходзіць Новы год. Усе (дзеці са шчырай верай, дарослыя з трохі іранічнай надзеяй) чакаюць цудаў. Якія жаданні вы загадаеце ў навагоднюю ноч?

— Здароўя. А яшчэ я хачу, каб блізкія мне людзі заўсёды заставаліся побач. I няхай жыццё і надалей будзе цікавым...

— Як вы звычайна сустракаеце Новы год? Можа, ёсць якія-небудзь традыцыі?

— У маладосці я любіла шумныя кампаніі, не сустракала Новы год дома. А вось зараз, па традыцыі, збіраемся ўсёй сям'ёй за святочным сталом — я, сын, муж і мая мама.

— I напрыканцы размовы — традыцыйнае пытанне. Якімі будуць вашы навагоднія пажаданні чытачам нашай газеты?

— Жадаю, каб у душы кожнага заўсёды была раніца — светлая і лёгкая!

А. БУЦЬКО

Комментарии