З 5 па 23 студзеня 2022 года музей «Лошыцкая сядзіба», філіал ДУ «Музей гісторыі горада Мінска», запрашае на інтэрактыўную экскурсійную праграму «Каляда» па выставе сучаснага народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Скарбонка памяці».
Праграма «Каляда» распрацавана па матэрыялах беларускага народнага каляндара і прысвечана пачатку святкаванняў у гонар зімовага сонцастаяння. Гэтае свята – старадаўняя традыцыя, прымеркаваная спачатку да зімовага сонцазвароту, а пасля і да Раства Хрыстова.
Калядаванне прайшло праз стагоддзі і захавалася да нашых дзён амаль на ўсёй тэрыторыі Беларусі. У цёмныя вечары нашы продкі збіраліся разам, перапраналіся ў звяроў, міфалагічных персанажаў і хадзілі па хатах са спевамі, жартамі і тэатралізаванымі сцэнкамі. Экскурсійная праграма дапаможа ўзгадаць, а некаторым і даведацца аб традыцыях падрыхтоўкі да свята і правядзення галоўнага зімовага карнавала беларусаў.
Інтэрактыўная экскурсія дапаможа вам здзейсніць сапраўднае падарожжа ў свет беларускіх Калядаў. Галоўны персанаж свята – Калядная Баба – пазнаёміць вас з традыцыямі святкавання, пасля чаго вы станеце сапраўднымі калядоўшчыкамі – згуляеце «У арэхі» і «Шкута», будзеце ведаць прызначэнне калядных масак і зорак, а таксама даведаецеся, якім персанажам Каляды вы маглі быць.
Дапаможцамі ў калядным падарожжы стануць саламяныя музыкі, абрадавыя маскі казы і лася, лялькі мядзведзя, дзеда і бабы, прадстаўленыя на выставе «Скарбонка памяці». Падымуць святочны настрой песні, прыпеўкі, загадкі і жарты, што выконваліся на калядных ігрышчах і вячорках. Вам трэба будзе ўзгадаць, якія прыказкі і павер’і суправаджалі святкі ў розных рэгіёнах Беларусі.
Уявіце сябе тым самым беларусам ці беларусачкай з мінулага і акуніцеся ў цёплую казачную атмасферу свята!
Запіс на інтэрактыўную экскурсію для груп (да 15 удзельнікаў) па телефоне: (017) 396 18 86, праз электронную пошту loshytsa@gmail.com, або сацыяльные сеткі музея ВКонтакте, Facebook і Instagram (/loshytsamuseum).
Музей «Лошыцкая сядзіба» праезд Чыжэўскіх, д. 8-2
тэрыторыя Лошыцкага сядзібна-паркавага комплекса
Па папярэднім запісе уваходны квіток: 5р– 1 удзельнік