7 красавіка 2026 а 18-й гадзіне ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адбудзецца ўрачыстае адкрыццё “Выставы аднаго шэдэўра. “Прагулка”
Марка Шагала” з калекцыі Дзяржаўнага Рускага музея (г. Санкт-Пецярбург, Расійская Федэрацыя). Гэта выстава стане прэзентацыяй аднаго з праграмных твораў Марка Шагала, створаных ім у ранні перыяд творчасці (1917). А 17-й гадзіне адбудзецца прэс-падыход.
На працягу апошніх дзесяцігоддзяў у Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адбыўся шэраг выставачных праектаў, якія дазволілі беларускаму гледачу і гасцям сталіцы пазнаёміцца з творчасцю сусветна вядомага мастака, нашага земляка – Марка Шагала (1887–1985). Упершыню творы М. Шагала былі прадстаўлены ў Мінску ў 1997 г. на выставе “Марк Шагал. Творы міжземнаморскага перыяду. Гуашы, акварэлі, літаграфіі. 1949–1985” з калекцыі сям’і мастака, услед за якой у музеі з поспехам экспанаваліся: “Марк Шагал. Прысвячэнне Парыжу” (2000), “Марк Шагал. Краявіды” (2002), “Марк Шагал і сцэна” (2004), арганізаваныя наследнікамі мастака, яго ўнучкамі Бэлай і Мерэт Мэер. Творы майстра з калекцыі Музея Марка Шагала ў Віцебску былі прадстаўлены ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь на выставе “Марк Шагал і мастакі еўрапейскага авангарду” (2010). З лістапада 2012 г. па студзень 2013 г. у музеі адбылася выстава “Марк Шагал: жыццё і каханне” з калекцыі Музея Ізраіля (Іерусалім), да 130-годдзя з дня нараджэння мастака была арганізавана
выстава “Марк Шагал: Колер Кахання” з калекцыі Музея Марка Шагала ў Віцебску (2017), да 135-годдзя – выстава, якая аб’яднала творы майстра з музейных і прыватных калекцый Рэспублікі Беларусь. Такім чынам, на працягу многіх гадоў склалася традыцыя адзначаць юбілеі з дня нараджэння мастака маштабнымі выставачнымі праектамі, працягваць знаёміць гледача са шматграннай творчай спадчынай нашага вялікага суайчынніка.
“Выстава аднаго шэдэўра. “Прагулка” Марка Шагала” заклікана не толькі пазнаёміць беларускага гледача са знакамітым шэдэўрам ранняй творчасці мастака, але і стане працягам прэзентацыі творчай спадчыны майстра з музейных калекцый Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь. Гэта выстава з’яўляецца вынікам шматгадовага плённага супрацоўніцтва паміж Нацыянальным мастацкім музеем Рэспублікі Беларусь і Дзяржаўным Рускім музеем. Урачыстае адкрыццё выставы адбудзецца ў рамках “Дзён Рускага музея”, якія пройдуць у Нацыянальным мастацкім музеем Рэспублікі Беларусь з 8 па 10 красавіка 2026
Віртуальную прагулку ў VR-акулярах, якая адсылае да творчасці М. Шагала, падрыхтавалі для наведвальнікаў выставы навучэнцы Мінскага дзяржаўнага
мастацкага каледжа імя А. К. Глебава. Сбер выступіў генеральным партнёрам выставы ў Беларусі, якая працягвае для Сбер Банка напрамак падтрымкі культурных ініцыятыў.
Выстава будзе экспанавацца да 6 ліпеня 2026