Фото - постер к выставке Выстава Віталя Цвіркі «Паэма зямлі беларускай» на AFISHA.me

Выстава Віталя Цвіркі «Паэма зямлі беларускай»

О событии

На выставе «ПАЭМА ЗЯМЛІ БЕЛАРУСКАЙ» увазе мінчан і гасцей сталіцы будуць прадстаўлены работы заснавальніка традыцыйнай беларускай мастацкай школы Віталя Канстанцінавіча Цвіркі (1 (14) лютага 1913 – 11 чэрвеня 1993), творчасць і талент якога былі цалкам адданы прыгажосці роднай зямлі. Выстава працягвае сумесны з грамадскім аб’яднаннем «Беларускі саюз мастакоў» цыкл праектаў «КЛАСІКІ – СУЧАСНІКІ», прысвечаных знакавым фігурам у беларускім выяўленчым мастацтве.
Выстава твораў гэтага знакамітага мастака – заўсёды яскравая падзея ў культурным жыцці і нагода яшчэ раз захапіцца глыбінёй, тэмпераментам і свабодай яго творчасці. Майстру аднолькава былі падуладны як жанравая разнастайнасць – пейзаж, нацюрморт, партрэт, так і розныя тэхнікі выканання – алей, тэмпера, акварэль, якімі ён дасканала валодаў.
В.К. Цвірка стаў наватарам сучаснага беларускага жывапісу. У беларускі пейзаж мастак унёс сваю эстэтыку, характэрнай рысай якой з’явілася спалучэнне панарамнай кампазіцыі, эпічнасці пейзажу са свабоднай жывапіснай манерай і тонкай каларыстыкай. Самабытны стыль майстра атрымаў шырокае прызнанне і быў ацэнены як значны ўнёсак у развіццё камернага лірычнага пейзажу.
Віталь Канстанцінавіч Цвірка ўвайшоў у гісторыю не толькі як выбітны дзеяч выяўленчага мастацтва Беларусі, але і як педагог, які выхаваў цэлую плеяду вядомых, таленавітых майстроў. Сярод іх Барыс Аракчэеў, Віктар Грамыка, Георгій Паплаўскі, а таксама Леанід Шчамялёў, з якім В.К. Цвірку звязвала не толькі творчасць, але і сапраўднае сяброўства.
«Шукайце свой шлях і свой почырк, не старайцеся быць да кагосці падобнымі. Мастацтва не прымае фальшы і трафарэту. Вучыцеся ў вялікіх майстроў, але не пераймайце іх знешнюю манеру, глядзіце ў глыбіню, у корань…». Гэтыя словы настаўніка сталі для Леаніда Шчамялёва асновай яго творчых прынцыпаў на ўсё жыццё.
На выставе «ПАЭМА ЗЯМЛІ БЕЛАРУСКАЙ» прадстаўлены жывапісныя і графічныя творы Віталя Канстанцінавіча Цвіркі з фондаў ГА «Беларускі саюз мастакоў».

Выстава працуе да 19 студзеня 2025 года.

Галерэя мастацтваў Леаніда Шчамялёва
г. Мінск, вул. Рэвалюцыйная, 10
серада – нядзеля, 11.00 – 19.00
(017) 342 24 26; minskmuseum.by

Уваходны квіток на выставу:
6,00 руб. – для дарослых
4,00 руб. – для студэнтаў
3,00 руб. – для школьнікаў 

Поделитесь событием

Если вы заметили ошибку в тексте новости, пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter

Отзывы