26 сакавіка 2025 года а 18-й гадзіне ў Галерэі мастацтваў Леаніда Шчамялёва адбудзецца адкрыццё выставы графікі і жывапісу «ПАРТРЭТ РОДНАЙ ЗЯМЛІ» Міхася Карпука да 95-годдзя з дня нараджэння мастака ў рамках праекта «Класікі – сучаснікі» сумесна з Беларускім саюзам мастакоў.
«У мастацтве я адналюб. Пішу толькі непаўторныя пейзажы роднай Беларусі». Гэтымі словамі вядомы беларускі графік і жывапісец Міхась Андрэевіч Карпук (05.03.1930 – 28.07.2018), вельмі рознабаковы ў сваіх творчых памкненнях, азначыў калі не ўсё, то самае галоўнае і самае важнае. Тут і светапогляд, і канцэпцыя, і безумоўная любоў да сваёй краіны.
Сапраўды, прыхільнасць мастака да краявідаў Беларусі не можа не кранаць. Мастак шмат разоў пісаў пейзажы Брэстчыны, Гродзеншчыны, Гомельшчыны, Магілёўшчыны, Міншчыны. І заўсёды гэта непаўторнае хараство беларускай прыроды – незвычайна адметнай, своеасаблівай і ў той жа час задуменнай, паэтычнай, настраёвай, якое нельга не ўбачыць і не адчуць.
Пасля навучэння ў Мінскім дзяржаўным мастацкім каледжы імя А.К. Глебава і Маскоўскім дзяржаўным універсітэце друку імя Івана Фёдарава, Міхась Карпук звязаў сваю творчую дзейнасць са станаўленнем і развіццём беларускага тэлебачання, якому мастак прысвяціў 15 гадоў. Канцэртныя праграмы, дзіцячыя і дарослыя перадачы, літаратурныя пастаноўкі, мастацкія стужкі – такі дыяпазон працы творцы. Потым пачаўся новы творчы этап на кінастудыі «Беларусьфільм», дзе ў якасці мастака-пастаноўшчыка М.А. Карпук зрабіў афармленне такіх тэлевізійных фільмаў, як «Парашуты на дрэвах», «Аннушка», «Канец бабінага лета», «Апошняе лета дзяцінства».
З 1983 года Міхась Карпук займаўся толькі творчай працай у майстэрні. Пачуццё прасторы мастака знайшло выраз у кампазіцыі карцін, вырашаных у выглядзе панарам і глыбокіх перспектыў, якія падкрэсліваюць прастор, прыгажосць і багатую гісторыю раднага краю, а таксама ў выразнасці малюнка і гарманічным спалучэнні колераў.
На выставе «ПАРТРЭТ РОДНАЙ ЗЯМЛІ» прадстаўлена больш за 50 твораў М.А. Карпука. Запрашаем далучыцца да сур’ёзнага, глыбокага сузірання мілых сэрцу вобразаў прыроды, якія неад’емна складаюць той самы, знаёмы з дзяцінства і горача любімы, партрэт роднай зямлі.
Выстава працягнецца да 24 красавіка 2025 года.
Галерэя мастацтваў Леаніда Шчамялёва
г. Мінск, вул. Рэвалюцыйная, 10
серада – нядзеля, 11.00 – 19.00
Инфо: (017) 342 24 26
6,00 руб. – для дарослых
4,00 руб. – для студэнтаў
3,00 руб. – для школьнікаў