13 лютага 2026 года а 17-й гадзіне ў выставачным корпусе Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь у зале № 2 (вул. Карла Маркса, 24) адбудзецца адкрыццё выставачнага праекта “Шчасцю – быць!”, прысвечанага 110-годдзю з дня нараджэння заслужанага дзеяча мастацтваў БССР Натана Майсеевіча Воранава (1916–1978). У экспазіцыі прадстаўлена каля 50 жывапісных твораў з калекцый Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Беларускага саюза мастакоў і збору сям’і Натана Воранава. Жанравы склад выставачнага праекта – партрэты, пейзажы і нацюрморты, намаляваныя майстрам на працягу 1950-х – 1970-х гг. Творчасць Натана Воранава, выдатнага савецкага беларускага жывапісца, выпускніка Віцебскага мастацкага тэхнікума і Інстытута жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І.Я. Рэпіна, вучня таленавітых І. Ахрэмчыка, Ф. Фогта, А. Асьмëркіна, С. Абугава, займае дастойнае месца ў нацыянальным мастацтве ХХ стагоддзя. З аднаго боку, жывапісец працаваў у кантэксце сацрэалізму, прытрымліваючыся асноўных догмаў гэтага “адзіна дакладнага метаду”, займаў актыўную грамадскую пазіцыю. Пры гэтым творчая спадчына Натана Воранава – з’ява асобная, нечаканая і ў нечым парадаксальная, якую складана ў поўнай меры вызначыць як артэфакт мінулай эпохі. Натан Воранаў з’яўляўся мастаком абсалютнага жывапіснага слыху. Для яго, па сутнасці, было не прынцыповым, што маляваць: перадавікоў вытворчасці, даярак, завадскія трубы, гістарычныя сюжэты або летнюю спёку, халодную пякучую зіму, дзіцячыя вобразы, інтэр’ер уласнай майстэрні… Прынцыповым было “як” гэта зрабіць. Яго каляровая стыхія палотнаў зачароўвае і прываблівае. Думаецца, што менавіта ў жанрах партрэта, пейзажа і асабліва нацюрморта, асноватворным застаецца ўнутраны, сімволіка-паэтычны змест мастацтва Натана Воранава. Менавіта ў гэтых “малых” жанрах жыве душа мастака і праз іх трансліруецца самае важнае адчуванне, якое сыходзіць ад сілы асобы Натана Воранава – шчырае захапленне жыццём. Нібы кожны раз, стоячы перад чыстым палатном, ён робіць выбар на карысць жыцця. Прыступаючы да працы, кожны раз, як бы ўнутрана кажа сабе: шчасцю – быць! Натан Майсеевіч Воранаў Нарадзіўся 19 мая 1916 года ў Магілёве, у сям’і мастака. Бацька выкладаў у мясцовай школе, маляваў шыльды і партрэты. З 1931 па 1934 гг. вучыўся ў Віцебскім мастацкім тэхнікуме ў І.В. Ахрэмчыка (1903– 1971) і Ф.А. Фогта (1889–1939).
З 1933 г. пачаў прымаць удзел у выставах.
У 1934 г. выкладаў жывапіс і малюнак у школах № 3 і № 20 у Магілёве.
У 1935 г. быў уведзены IV курс навучання ў Віцебску, і мастак працягнуў там вучобу.
У 1936 г. у ліку лепшых вучняў накіраваны ў Ленінград на падрыхтоўчае аддзяленне пры Інстытуце жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І.Я. Рэпіна.
1937–1941; 1946–1948 гг. – вучоба ў Інстытуце жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І.Я. Рэпіна ў А.А. Асьмëркіна (1892–1953), С.Л. Абугава (1877–1950).
Восенню 1941 г. пайшоў на фронт. Камандаваў батарэяй 45-міліметровых супрацьтанкавых гармат на Паўднёва-Заходнім фронце. У 1942 г. у баях пад Харкавам атрымаў цяжкае раненне. Быў камандзірам узвода разведкі 77-га артылерыйскага палка 248-й стралковай дывізіі на 4-м Украінскім фронце. У лютым 1945 г. яшчэ раз цяжка паранены.
У 1946 г. – дэмабілізаваны з Савецкай Арміі. За заслугі перад Айчынай быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай зоркі, ордэнам Айчыннай вайны II ступені, медалём “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне
1941–1945 гг.” і яшчэ шэрагам урадавых узнагарод.
У 1948 г. з поспехам абараніў дыпломную працу “Рэйд Каўпака” (кіраўнік – прафесар
С. Абугаў). Карціне прысуджана 3-я прэмія на Усесаюзнай выставе, прысвечанай 30-годдзю
УЛКСМ (Масква, РСФСР).
З 1949 г. жыў у Мінску.
З 1949 г. – член Саюза мастакоў БССР.
1963–1965 гг. – выконваў абавязкі старшыні Саюза мастакоў БССР.
1966–1978 гг. – выкладаў на кафедры малюнка і жывапісу Беларускага дзяржаўнага
тэатральна-мастацкага інстытута. Сярод яго вучняў: У. Тоўсцік, Г. Баранаў, І. Грынберг, А.
Сухан, У. Уродніч і інш.
1966 г. – удастоены звання “Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР”.
З 1967 г. пабываў у творчых паездках за мяжой у Бельгіі, Італіі, Нідэрландах, Францыі.
1970 г. – атрымаў званне дацэнта кафедры жывапісу Беларускага дзяржаўнага
тэатральна-мастацкага інстытута.
Працаваў у станковым жывапісе ў галіне сюжэтна-тэматычнай карціны, лірычнага і індустрыяльнага пейзажа, партрэта, нацюрморта.
Памёр 3 сакавіка 1978 г. Пахаваны на Паўночных могілках (Мінск).
Творы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь, фондах Беларускага саюза мастакоў, Музеі гісторыі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры, а таксама прыватных зборах Беларусі і замежных краін.
Куратар праекта: вядучы навуковы супрацоўнік аддзела беларускага мастацтва ХХ–ХХI стст. Наталля Сяліцкая; +375 29 156 50 75
Сакуратар: малодшы навуковы супрацоўнік аддзела беларускага мастацтва ХХ–ХХI стст. Марыя Волас.
Выстава працуе да 20 красавіка 2026 г.