Фото - постер к выставке Міхась Цыбульскі "Луналі ў небе аблокі" на AFISHA.me

Міхась Цыбульскі "Луналі ў небе аблокі"

по 13 декабря
ПН 10:00—19:00
СР 10:00—19:00
ЧТ 13:00—21:00
ПТ–ВС 10:00—19:00
Национальный художественный музей

О событии

“Нябёсы... Цяжка знайсці ў прыродзе нешта роўнае ім па велічнасці, разнастайнасці, выразнасці і прыгажосці. У розны час у нябёсах можна сустрэць самую шырокую палітру колераў і светлавых інтанацый. Фарбы нябёсаў не бываюць аднолькавымі. Малюнкі ў небе не паўтараюцца ніколі.

Нябёсы – сімвал жыцця і бязмежнай свабоды! Неба нясе святло, падкрэслівае значнасць усяго, што мы адчуваем, літаральна нараджае веру і падтрымлівае яе. Далягляды гэтага паветранага акіяну клічаць нас увесь час. Можа быць, і не выпадкова мы “лётаем” у снах, і ўсё ўзвышанае, справядлівае і святое звязваем з небам.

Нябёсы – высокая паэзія Прыроды, то сентыментальна-лірычная, то вытанчана філасофская, то спакойная, то экспрэсіўная, але заўсёды арыгінальная і падкрэслена пачуццёвая. У большасці жываспісных твораў нябёсы ніколі не бываюць проста фонам. Гэта метафара ўсяго недасягальнага, своеасаблівы вобраз-сімвал не пазбаўлены сакральнага сэнсу.

Нябёсы – гэта калыска мастакоўскай фантазіі. Але пры тым гэта недасягальная дасканаласць і высокая ступень гармоніі. Мастак не можа не захапляццца тым, як цешацца нябёсы. Пад час працы на пленэры, у маўклівым дыялоге з краявідам адчуваеш сапраўдную еднасць з Сусветам.”

Міхась Цыбульскі, мастак

У абсалютнай большасці прадстаўленых у экспазіцыі твораў менавіта неба з’яўляецца галоўным кампазіцыйным і эмацыянальным цэнтрам. Мастак рэдка малюе ясны, статычны дзень – яго вабіць дынаміка аблокаў. Ландшафт мясцовасці або роўнядзь вадаёмаў часта займаюць толькі ніжнюю трэць карціны і служаць своеасаблівым “прызямленнем” для бурнай паветранай стыхіі, якая жыве сваім уласным жыццём.

Пейзажы мастака трансліруюць ідэю велічы і бязмежнасці прыроды, перад якімі глядач застаецца сам-насам. Гэта жывапіс вялікіх прастораў, подыху ветру і ўрачыстай цішыні. Факусіруючыся на перадачы зменлівых станаў прыроды і неба, Міхась Цыбульскі малюе форму буйнымі каляровымі плямамі.


Шырокія, пастозныя, амаль стыхійныя мазкі – гэта не толькі адметная манера пісьма мастака, але і неабходнасць: працуючы на вольным паветры, аўтар малюе вельмі хутка, каб зафіксаваць канкрэтны, імгненны стан неба, пакуль яно не змянілася.

Творчы метад мастака раскрываецца ў дыялогу дзвюх тэхнік – алею і гуашы. Алейны жывапіс заварожвае сваёй глыбінёй, шчыльнасцю і мяккім унутраным свячэннем. У супрацьвагу яму гуашавыя аркушы напоўнены імклівай дынамікай і лёгкасцю: яны ствараюцца імгненна, на адным дыханні.

У экспазіцыйнай практыцы Міхася Цыбульскага эцюд цалкам ураўнаваны ў правах са станковай карцінай. Аўтар знарок не “загладжвае” і толькі нязначна дапрацоўвае свае пленэрныя работы ў майстэрні, паколькі менавіта ў эцюдзе захоўваецца тая жывая шчырасць і сапраўдная драматургія моманту, якую немагчыма штучна ўзнавіць у цішыні студыі.

Святлана Кот, загадчык аддзела беларускага мастацтва ХХ–ХХІ стст.

Цыбульскі Міхась (10.07.1961, г. Віцебск) – мастацтвазнаўца, мастак-жывапісец, педагог. Кандыдат мастацтвазнаўства (1989), дацэнт (1992). Даследуе праблемы тэорыі і гісторыі мастацтва, пытанні паэтыкі і стылістыкі беларускага жывапісу XX–ХХІ стст. Член Беларускага саюза мастакоў (1999). Удзельнік абласных, рэспубліканскіх, міжнародных выстаў, а таксама пленэраў. Галоўны рэдактар часопіса “Мастацтва і культура”. Лаўрэат звання “Чалавек года Віцебшчыны” (2015; за рэалізацыю шэрагу куратарскіх праектаў і папулярызацыю творчасці прадстаўнікоў Віцебскай мастацкай школы).

Скончыў Віцебскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя С.М. Кірава (па спецыяльнасці “выяўленчае мастацтва, чарчэнне, працоўнае навучанне”, 1983), аспірантуру Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР (1987), дактарантуру (там жа, 2004).

Працуе ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П.М. Машэрава: з 1988 года – на розных пасадах, з 2025 – прафесар кафедры выяўленчага мастацтва. 

Поделитесь событием

Если вы заметили ошибку в тексте новости, пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter

Отзывы