27 лютага 2025 года ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адкрываецца выставачны праект «Мастацтва ў археалогіі».
Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь, зыходзячы з профілю і прынцыпаў фарміравання збору, не мае асобнай калекцыі археалогіі. Выяўленыя падчас правядзення раскопак артэфакты, якіх сёння налічваецца менш за 200 адзінак у зборы музея, з’яўляюцца часткай калекцыі «Беларускае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва». Палова археалагічнага помнікаў музея будзе прадстаўлена ў экспазіцыйнай прасторы.
Да найбольш каштоўных і старажытных помнікаў археалогіі ў калекцыя музея адносяцца артэфакты, выяўленыя ў 1950-я гг. падчас раскопак у Мінску пад кіраўніцтвам Эдуарда Міхайлавіча Загарульскага і Васіля Радзівонавіча Тарасенкі (каменныя абразкі ХІІІ ст.) і Ваўкавыску пад кіраўніцтвам Васіля Радзівонавіча Тарасенкі і Яраслава Генрыхавіча Звяругі (каменная плітка з зааморфнай выявай і касцяныя шахматныя фігуркі ХІІІ ст.).
Выставачны праект з’яўляецца своеасаблівай справаздачай музея аб яго дзейнасці па вывучэнні старажытных помнікаў беларускай культуры і мастацтва і іх захавання, а таксама нагодай для прыцягнення ўвагі археолагаў і актывізацыі супрацоўніцтва з навуковымі інстытуцыямі, што праводзяць раскопкі.
Выстава працуе па 6 красавіка.
Куратар выставы – Дзмітрый Моніч, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела старажытнабеларускага мастацтва.