Фото - постер к фильму Як Дома:  Беларускі конкурс online і offline на «паўночным ззянні-2022» на AFISHA.me

Як Дома: Беларускі конкурс online і offline на «паўночным ззянні-2022»

О фильме

ЯК ДОМА:
БЕЛАРУСКІ КОНКУРС ONLINE І OFFLINE
НА «ПАЎНОЧНЫМ ЗЗЯННІ — 2022»

Кінафестываль «Паўночнае ззянне» сёлета пройдзе з 20 па 30 лістапада бясплатна ў online. Важным складнікам усёй праграмы кінафестывалю з'яўляецца беларуская праграма, якую ўжо прэзентавалі гледачам. На працягу кінафестывалю фільмы беларускай праграмы будзе аглядаць міжнароднае журы, яны абяруць пераможцу беларускага конкурсу. Падтрымаць «Ззянне» данатамі можна па спасылцы.

У беларускую праграму ўвайшлі 11 фільмаў, для многіх з якіх адпраўны пункт так ці інакш гэта падзеі 2020 года ў Беларусі. Апроч гэтага, сярод іх — гісторыі пра сямейныя і асабістыя драмы, пра моцных жанчын, пераадоленне ўласных траўмаў, пра жыццё ў эміграцыі і будаванне ўспрыняцця дому па-за межамі сваёй краіны. Беларуская праграма «Паўночнага ззяння» сёлета вельмі разнастайная: ад фільмаў, што збіраюць узнагароды і авацыі на міжнародных кінафестывалях, да андэграўнднага беларускага кіно, якое звычайна альбо вельмі падабаецца, альбо зусім не.

«Край свету», 2021, Бельгія, Літва
22/11/22, 19:20 — Вільнюс, к/т 'Skalvija'

Фільм «Край свету» Ганны Саўчанка даследуе лёсы сем'яў, падзеленых беларуска-літоўскай мяжой. Кіно сканцэнтравана на тэме тэрытарыяльнага падзелу і таго, як людзі, чые жыцці закранула гэтая мяжа, жылі да яе збудавання, і як — пасля. Добрае дакументальнае расследаванне, якое расказвае пра дзве абсалютна розныя канцэпцыі свабоды: пра тую, якая ёсць у Еўропе, і пра тую, што ў Беларусі.

З цікавага: у фільма ёсць невялікая сцэна, у якой з'яўляецца Алесь Бяляцкі, заснавальнік Праваабарончага цэнтра «Вясна», лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру 2022 года.

Трэйлер: https://youtu.be/Mtd48NC5SFY

«Shirey Mara», 2021, Беларусь
22/11/22, 19:20 — Вільнюс, к/т 'Skalvija'
22/11/22 — online з 00:00 да 23:59 (даступны ў любым пункце свету)

Філасофскі анімацыйны фільм Наты Карнеевай з хронаметражом у 10 хвілін. Казачна-паэтычная гісторыя аб прымірэнні са стратай каханага чалавека, аб чаканні першага снегу і аб паху вішнёвага лісця. Даведацца больш пра фільм можна тут.

Трэйлер: https://youtu.be/3g3w47grJEI

«Калі кветкі не маўчаць», 2021, Польшча

24/11/22, 19:15 — Талін, к/т 'Artis'

Эмацыйны чорна-белы дакументальны фільм паказвае настрой у краіне пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года вачамі некалькіх беларускіх сем'яў. Зрэжысаваў кіно Андрэй Куціла — неаднаразовы ўдзельнік «Артдакфэсту» і лаўрэат фестывалю IDFA. Адна з гісторый, якія дакументуе Андрэй у фільме, — гісторыя яго роднай сястры, якая прайшла праз Акрэсціна. Такім чынам глядач можа вельмі блізка ўбачыць наступствы траўматычнага досведу праз дыялогі, якія звычайна застаюцца за камерай. Фільм перамог у дакументальным конкурсе Варшаўскага кінафестывалю.

«Мара», 2021, Францыя, Вялікабрытанія
23/11/22, 19:10 — Вільнюс, к/т 'Skalvija'
25/11/22, 17:30 — Талін, к/т 'Artis'
25/11/22 — online з 00:00 да 23:59 (даступны ў любым пункце свету)

«Мара» расказвае пра сведку прэзідэнцкіх выбараў і пратэстаў у Беларусі. У стужцы хроніка змешваецца з пастановачнымі кадрамі — снамі, у якія збягае ад рэальнасці галоўная гераіня. Фільм цесна звязаны з беларускімі казкамі, дзе ёсць Мара, якая прыходзіць і дорыць добрыя ці злыя сны. «Мара» — гэта такое антрапалагічнае дакументальнае кінаэсэ пра боль, надзею, жаноцкасць і барацьбу за свабоду.

Рэжысёрка фільма Саша Кулак з'ехала з Беларусі ў свае 16 гадоў, а ў 2020 годзе вярнулася на радзіму, каб удзельнічаць у лёсе краіны. Аўтарка нашумелых «Саламанкі» і «Хронікаў ртуці» не планавала здымаць фільм, але паступова з'явілася ідэя і шмат пачуццяў, якія хацелася перадаць. Яна кажа, што для яе гэты фільм — даследаванне страху.

Трэйлер: https://youtu.be/D7nVK9Y7HO0

«Дапаможнік», 2021, Беларусь, Германія
24/11/22 — online з 00:00 да 23:59 (даступны толькі на тэрыторыі Беларусі)

Гісторыя алегарычна звязаная з падзеямі жніўня 2020 года. «Дапаможнік» — гэта візуальнае разважанне аб тым, што ўсе катаванні не выпадковыя і што не можа чалавек іх спантанна прыдумаць. Гэта значыць, што існуе дапаможнік, у якім яны апісаныя. Рэжысёр Павал Мажар вывучыў сотні паказанняў сведак у інтэрнэце і выкрыў пэўны алгарытм рэпрэсій. Ён ператварыў свой пакой у Берліне ў студыю, дзе інсцэнаваў паказанні сведак «паліцыянтам» у чорным адзенні і балаклаве і чатырма «затрыманымі», аднолькава апранутымі ў кашулі і джынсы. Атрымалася кінападсумаванне дасканалага даследавання пра тое, як беларуская дыктатура запалохвае і катуе пратэстоўцаў.

Фільм перамог у катэгорыі кароткаметражнага кіно на галоўным міжнародным дакументальным конкурсе IDFA. Даведацца больш пра фільм можна тут.

Трэйлер: https://youtu.be/dF2S6mJlEEE

«Спатканне ў Мінску», 2022, Беларусь
27/11/22 — online з 00:00 да 23:59 (даступны толькі на тэрыторыі Беларусі)

«Спатканне ў Мінску» зняў Мікіта Лаўрэцкі — рэжысёр, які займае асобнае месца ў нішы беларускага андэграўнду ў кіно, а цяпер нават спрабуе сябе ў стэндапе. Ён здымае ў жанры «мамблкор», то-бок незалежнае нізкабюджэтнае кіно з акцёрамі-аматарамі. Таму часта Мікіта сам сабе рэжысёр, сцэнарыст, прадзюсер і акцёр.

«Спатканне ў Мінску» — камерная радыё-п'еса аб тым, што Мікіта і яго дзяўчына і пастаянная муза Оля знаходзяцца ў аб'юзіўных і сузалежных адносінах. Галоўныя героі вырашаюць схадзіць на спатканне, быццам ідуць на яго першы раз, як 8 гадоў таму. На выхадзе маем, паўтары гадзіны размоў пра жыццё, адносіны, палітыку, эміграцыю і радзіму за гульнёй у більярд, знятых адным дублем. Выдатны спосаб акунуцца ў атмасферу Мінска, беларускай кінатусоўкі, настальгіі і лепшых жартаў аўтара. «Спатканне ў Мінску» перамог на топавым міжнародным кінафестывалі Doclisboa ў Партугаліі. Даведацца больш пра фільм можна тут.

Трэйлер: https://youtu.be/cEGiiG3yyDo

«У адзіночку», 2020, Вялікабрытанія
21/11/22 — online з 00:00 да 23:59 (даступны ў любым пункце свету)

«У адзіночку» — фільм Беларускага Свабоднага тэатра (Мікалай Халезін, Наталля Каляда, Эндру Сміт), які вывучае экзістэнцыйны боль Украіны з нечаканай перспектывы: вачамі адной з найбольш камерцыйна паспяховых фігур украінскага шоу-бізнесу — Андрыя Хлывнюка, саліста хіп-хоп- і рок-гурта «Бумбокс». Адметна, што ў дакументальным фільме Андрый Хлывнюк нечакана блізка і шчыра раскрываецца як чалавек, а не як паспяховы артыст. Музыка знаходзіць сабе місію — апавядаць свету пра вайну на ўсходзе Украіны, якая ідзе з 2014 года, і матываваць фанатаў далучацца да яго барацьбы. Паралельна з тым глядач назірае за сяброўствам Андрыя з Беларускім Свабодным тэатрам.

Трэйлер: https://youtu.be/te3nb--KeV8

«Праз рэйкі», 2021, Беларусь, Польшча
30/11/22 — online з 00:00 да 23:59 (даступны ў любым пункце свету)

Жывое, гумарыстычнае і сур’ёзнае дакументальнае апавяданне ад рэжысёра Антося Сівых пра беларусаў, якія пераасэнсоўваюць сябе ў эміграцыі ў Польшчы. «Праз рэйкі» поўны разважанняў аб тым, што чалавек перажывае, калі апынаецца ў новым геаграфічным і культурным асяроддзі. Героі фільма — беларускія студэнты з розных універсітэтаў, якія апынуліся ў адным горадзе — постіндустрыяльнай і постапакаліптычнай польскай Лодзі. Фільм для тых, хто з'ехаў і задаецца пытаннямі: «Як асталявацца? Як жыць?» — і хоча паглядзець на людзей у такіх жа абставінах.

Трэйлер: https://youtu.be/7zjlqjFPIgY

«Дзіма», 2020, Беларусь
24/11/22 — online з 00:00 да 23:59 (даступны ў любым пункце свету)

«Дзіма» — дакументальнае суправаджэнне жыцця героя, мужчыны Дзімы, які шмат і доўга сядзеў за крадзяжы і не толькі. Дзіма жыве ў звычайнай беларускай вёсцы, і глядач фільма становіцца сведкам паўсядзённага жыцця мужчыны: таго, як галоўны герой ходзіць у госці, ловіць рыбу, паліць у печы. Паралельна з чым ён разважае, як пражыў сваё жыццё. Рэжысёр карціны Дзіма Дзядок — цікавы самабытны аўтар, які зусім камерцыйна не арыентаваны: ён канцэнтруе свой погляд у творчасці на простых неабароненых людзях, ад якіх усе адварочваюцца. Фільм «Дзіма» таму пацвярджэнне.

Трэйлер: https://youtu.be/HAjTk01rlx8

«DOMUM», 2020, Беларусь
26/11/22 — online з 00:00 да 23:59 (даступны ў любым пункце свету)

Гэта дакументальны фільм пра двух беларусаў: адзін даўно з’ехаў, а другі ўсё жыццё працуе ў сельскай школе. Іх не аб'ядноўвае нічога, акрамя Беларусі — краіны, у якой яны нарадзіліся. Фільм заснаваны на развагах пра радзіму і свабоду выбару: з'ехаць ці застацца. Рэжысёр карціны «DOMUM» Максім Сіры адносіцца да беларускага андэграўнду, а да прыходу да кіно рабіў кліпы музычным гуртам, сярод якіх J:морс, «Без білета», «Разбітае сэрца пацана», Naka. Даведацца больш пра фільм можна тут.

Трэйлер: https://youtu.be/fwQWIwQu04w

«Лета 1989», 2022, Беларусь
28/11/22 — online з 00:00 да 23:59 (даступны ў любым пункце свету)

Ігравая чорна-белая карціна «Лета 1989» — гэта гістарычная рэканструкцыя аб тым, як пяцёра падлеткаў адзначаюць школьны выпускны на прыродзе. Фільм складаецца з замалёвак, якія паказваюць жыццё ўжо амаль постсавецкіх хлопцаў і дзяўчат. Размовы ля вогнішча, думкі аб будучыні, каханне, нянавісць, здрада, сутычкі з мясцовымі жыхарамі, сталенне за некалькі дзён, — усё гэта ўбачаць гледачы. Гэта чарговая прадзюсарская праца Леаніда Каліцені, якую зрэжысаваў Уладзімір Казлоў. Даведацца больш пра фільм можна тут.

Трэйлер: https://youtu.be/-mPPddZWoXo

Online-івэнт — беларуская дыскусія «Як дома»
29/11/22, 16:00 (мінскі час)

Беларускае незалежнае кіно перажывае дзіўныя часы, калі рэжысёры разляцеліся па ўсім свеце, але не могуць прыехаць і здымаць фільмы ў сваёй роднай краіне. Як выглядае кінапрацэс у выгнанні? Падчас online-дыскусіі аўтары стужак, што ўвайшлі ў беларускую праграму «Паўночнага ззяння», раскажуць, дзе цяпер яны пачуваюцца як дома і ці ўдаецца ім знаходзіць сілы ды магчымасці, каб здымаць кіно, салідарызавацца з калегамі і не губляць сувязь з гледачом. Мадэраваць размову будуць дырэктарка «Паўночнага ззяння» Воля Чайкоўская і культуролаг Максім Жбанкоў. Даведацца больш пра івэнт можна тут.

Уся праграма ў online будзе даступная бясплатна па папярэдняй рэгістрацыі, якая пачне працаваць неўзабаве. Глядзець фільмы «Ззяння» можна будзе з 20 па 30 лістапада, яны будуць даступныя 24 гадзіны згодна з раскладам. Таксама вы можаце падтрымаць фестываль данатам.

Сачыце за навінамі ў нашых сацыяльных сетках FB, Instagram, Telegram.

Ззя!

Арганізатар: кінакампанія Volia Films.
Генеральныя партнёры: Паўночны культурны фонд, Амбасада Нарвегіі ў Літве, Дацкі інстытут культуры ў Літве, Латвіі і Эстоніі, EU4Culture, тэлеканал “Настоящее время ”.

Партнёры: Дацкі інстытут Кіно, Эстонскі Інстытут Кіно, Ісландскі Цэнтр Кіно, Нацыянальны Кінацэнтр Латвіі, Літоўскі Цэнтр Кіно, Нарвежскі Інстытут Кіно, Шведскі Інстытут Кіно, Фінскі Фонд Кіно.
Інфармацыйныя партнёры: 34mag.net, citydog.io, Будзьма беларусамі, Наша Ніва, The Village Беларусь.
Крэатыўны партнёр: PÖFF, Skalvija.

Поделитесь событием

Если вы заметили ошибку в тексте новости, пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter

Комментарии

Кино сегодня

показать все фильмы на сегодня