З 18 красавіка 2025 года ў арт-галерэе «Сфера» бібліятэкі № 18 (г. Мінск, вул. Каліноўскага, 55) пачне работу выстава жывапісу мастака Дзмітрыя Мшара «Нацюрмотр. Краявід».
Дзмітрый Мшар - мастак, чые працы напоўнены любоўю да прыроды і роднай зямлі. Ён выкарыстоўвае спакойныя, гарманічныя колеры, і стварае недэталізаваныя краявіды і задумлівыя нацюрморты, якія перадаюць пяшчоту і душэўны спакой. У яго карцінах глядач можа адчуць лёгкі матыў настальгіі, бо кожны мазок пэндзля нібы гаворыць аб вечнай сувязі чалавека з прыродай.
На выставе будуць прадстаўлены каля 30 работ, кожная з якіх дае магчымасць гледачу акунуцца ў атмасферу беларускіх абшараў. Мастак аддае перавагу маляваць спакойныя пейзажы і нацюрморты, дзе няма мітусні і натугі, што робіць яго працы асаблівымі і запамінальнымі. Творчасць Дзмітрыя Мшара натхнёная не толькі прыродай, але і гісторыямі, якія захоўваюцца ў кожным кутку Беларусі.
Адкрыццё выставы адбудзецца 18 красавіка 2025 года ў 18.00.
Выстава будзе працаваць да 01 чэрвеня 2025 года.
Час работы галерэі: аўт-пт – 10-20, сб, ндз – 10-18, пн – вых., 2-я ср
месяца – санітарны дзень.
Уваход вольны.
Аб аўтары: Мшар Дзмітрый Георгіевіч нарадзіўся ў 1976 г. у в. Стрыгінь Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці. У 1999 г. скончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта ім. П. М. Машэрава, у 2008 г. – Рэспубліканскі інстытут вышэйшай школы БДУ па спецыяльнасці “Культуралогія”.Прымае актыўны ўдзел у рэспубліканскіх і міжнародных выставах. Работы знаходзяцца ў прыватных калекцыях у Беларусі, Польшчы, Літвы, Латвіі, Канады, ЗША, іншых краін, а таксама ў Музеі Марка Шагала (Віцебск).